
Беларускі вайсковы, грамадска-палітычны дзеяч Мікола Дзямідаў нарадзіўся ў Гарадку (Беласточчына) 10 снежня 1888 году.
Быў сынам Станіслава Катнароўскага і Аляксандры з Каліноўскіх, а прозвішча меў па другім мужу маці. Яго дзед з боку маці, Аляксандар Каліноўскі – родны брат Кастуся Каліноўскага.
У 1905-ым годзе скончыў настаўніцкую семінарыю ў Сьвіслачы. У 1907 годзе паступіў як вольны слухач на вячэрнія курсы на гістарычна-філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэту. Пасля працаваў у канцылярыі службы руху Ўправы Прывісьлянскай чыгункі. У 1911-ым годзе прызначаны кіраўніком школы чыгункі ў Беластоку.
З 1914 году на ваеннай службе ў царскай арміі. 1 лютага 1917 года скончыў Першую Паўлаўскую вайсковую школу. Удзельнічаў у кастрычніцкай рэвалюцыі, быў наваградcкім акруговым камісарам. З сакавіка да лістапада 1918 году ў нямецкім палоне. Арганізаваў беларускія аддзелы ў Вільні. 1 снежня 1918 году быў накіраваны як паручнік ў Літоўскае міністэрства абароны. З 20 снежня 1918 году да 1 чэрвеня 1919 году быў камендантам Гародні.

Беларускі полк у Гародні, 1919 год
Арыштаваны польскімі ўладамі, сядзеў у Коўне, быў інтэрнаваны ў лагер ў Беласток. У 1919 году увайшоў у склад Беларускай Вайсковай Камісіі у Вільні.
У 1920-ым ў наваколлях Беластоку стварыў батальён з 400 чалавек і далучыўся да арміі Станіслава Булак-Балаховіча. Гэты батальён меў на ўзбраенні 2 палявыя гарматы і 4 кулямёты, яго ўдзельнікі паходзілі пераважна з Беласточчыны. У складзе пяхотнага палка ў лістападзе вёў зацятыя баі за Калінкавічы, удзельнічаў у баях над Прыпяццю. Пасля адступлення арміі Булак-Балаховіча на кантраляваную палякамі тэрыторыю, працягваў змаганне аж да студзеня 1921 году, пасля чаго адышоў на польскі бок фронту, паехаў прасіць падтрымкі ў Варшаву, але быў інтэрнаваны. Батальён Міколы Дзямідава быў апошнім беларускім атрадам, які ў адкрытым баі супраціўляўся савецкім войскам.
У 1921-22 гадах быў настаўнікам у Гарадку, потым жыў у Латвіі. У 1940 быў арыштаваны і да 1941 году зняволены ў Маскве на Лубянцы, потым вызвалены. У 1941-44 – інспектар школьніцтва ў Латвіі і Беларусі. Нейкі час быў у Дзвінску, потым увайшоў у склад Беларускага нацыянальнага камітэту ў Рызе. Пазней стаў выкладчыкам у батальёне Беларускай Краёвай Абароны.

Партрэт Дзямідава, мастак Андрэй Мікалаеў
Быў адным з ініцыятараў сабору Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы у Канстанцы ў 1948 годзе і аднаўлення БАПЦ пасля адыходу Беларускага епіскапату да Замежнай РПЦ. У 1950-ым Мікола Дзямідаў выехаў у ЗША і напачатку пасяліўся ў штаце Мічыган, але неўзабаве пераехаў у Чыкага. Мікола Дзямідаў вёў беларускія радыёперадачы, быў актыўным дзеячам Згуртавання беларусаў штата Ілінойс. Шчыра сябраваў з Язэпам Варонкам і Алесем Змагаром. Быў сярод заснавальнікаў беларускай праваслаўнай парафіі ў Чыкага і першым рэгентам яе хору. Пазней, аднак, Мікола Дзямідаў далучыўся да беларускай уніяцкай парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага і быў адным з найбольш актыўных парафіянаў.

Апошнія гады свайго жыцця правёў у Лансінгу, дзе памёр у беднасці 23 траўня 1967 года ў веку 78 гадоў. Быў пахаваны грэка-каталіцкім святаром на могілках ў Чыкага.
У сённяшняй Беларусі афіцыйная гістарыяграфія замоўчвае асобу Міколу Дзямідава. Найбольш пра яго напісаў гісторык Алег Латышонак у кнізе “Bialoruskie formacje wojskowe 1917-1923” (Беласток, 1995 г.).
