Стала вядома, што Міжнародную грамадскую арганізацыю «Клуб «Гервячай» ліквідавалі 23 лістапада ў Гарадзенскім абласным судзе. Прадстаўнікі арганізацыі на судовае пасяджэнне не з’явіліся. Аб’яднанне ліквідавалі нібыта з-за непрадстаўлення ім цягам трох гадоў запар ва ўстаноўлены тэрмін звестак, прадугледжаных абз. 5−10 ч. 6 арт. 20 законам «Аб грамадскіх аб’яднаннях»: інфармацыю аб сябрах, дзейнасці, мерапрыемствах. Такое рашэнне з’явілася ў банку судовых рашэнняў.

Ісцец — Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Суддзя — Юрый Карэцкі.

Арганізацыя была зарэгістраваная ў 1994 годзе ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёну. Гэта адна з літоўскіх арганізацый — раней іх было шэсць. Раней арганізацыя арганізоўвала мерапрыемствы разам з Астравецкім райвыканкамам і Пасольствам Літвы ў Беларусі, дапамагала выдаваць кнігі. Старшыня абшчыны — Аўгуліс Альфонсас Стасіа.

У арганізацыі было 394 сябраў. Мэты арганізацыі – супраца і ўмацаванне даверу і паразумення паміж народамі Беларусі і Літвы, захаванне гістарычнай памяці і культуры. Раней адзначалася, што арганізацыя «падтрымлівае курс, які праводзіцца кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь». Але гэта не ўратавала ад закрыцця.

Таксама ў Рымдзюнах была школа з літоўскай мовай навучання. Яе пабудавалі за кошт Літвы ў 1996 годзе. У 2022 годзе школу русіфікавалі — рашэнне прынята ў сувязі з навінамі ў Кодэксе аб адукацыі. Усяго ў Астравецкім раёне пражывае каля 750 прадстаўнікоў літоўскай нацыянальнасці.

Таксама раней ліквідавалі грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гімціне».

Hrodna.life