фота ілюстрацыйнае

Чыноўнікі Гарадзенскага гарвыканкаму на сваім паседжанні вызначылі месцы ў горадзе, дзе будзе забаронена праводзіць пікеты па зборы подпісаў перад так званымі выбарамі 2024 году. У пераліку забароненых месцаў апынуліся тыя месцы Гародні, дзе раней пікеты былі дазволеныя. Цяпер яны ўжо забаронены на Савецкай плошчы, на Савецкай вуліцы, на тэрыторыі парку Жылібера, скверу, дзе раней стаяла Фара Вітаўта, а таксама на рынках і іншых месцах.

Збор подпісаў паводле вызначанага графіку будзе ісці з 17 снежня 2023 году да 15 студзеня 2024 году. Збіраць подпісы можна на пікетах і па кватэрах выбарцаў.

Пастановай гарвыканкаму ў Гародні подпісы забаронена збіраць у наступных месцах: на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў пракуратуры; на тэрыторыі чыгуначнага вакзалу, аўтавакзалу, установаў аховы здароўя; на адлегласці менш за 30 метраў ад прыпынкаў грамадскага транспарту; на Савецкай плошчы; на Савецкай вуліцы; у парку Жылібера; у скверы на скрыжаванні вуліц Кастрычніцкай, Замкавай і плошчы Савецкай (на месцы Фары Вітаўта); на тэрыторыі рынкаў і міні-рынкаў.

Рэгістрацыя кандыдатаў у так званыя дэпутаты будзе ісці з 16 да 30 студзеня ўключна. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага 2024 году.