
6 сьнежня першы энэргаблёк БелАЭС уключылі ў сетку пасьля плянава-папераджальнага рамонту, паведамляе Мінэнэрга.
Падчас рамонту выканалі перагрузку ў рэактар ядзернага паліва, правялі рэвізію абсталяваньня рэактарнай устаноўкі, турбагенэратара, галоўных цыркуляцыйных помпаў і іншага абсталяваньня і тэхналагічных сыстэм, выканалі кантроль мэталу і дыягностыку зварных злучэньняў абсталяваньня.
У Мінэнерга паведамляюць, што рамонт рабілі для «павышэньня надзейнасьці і эфектыўнасьці працы энэргаблёка».
- Першы энэргаблёк Беларускай АЭС вывелі ў чарговы рамонт 6 кастрычніка, ён доўжыўся 10 тыдняў. Летась такі рамонт праводзілі 198 дзён, хоць папярэдне плянавалі завяршыць за 80.
- Першы блёк БелАЭС увялі ў прамысловую эксплуатацыю 10 чэрвеня 2021 году. З моманту яго ўключэньня (3 лістапада 2020 году) блёк выпрацаваў каля 18,5 мільярдаў кіляват-гадзін электраэнэргіі. Як адзначаюць экспэрты, выпрацоўка у 2,5 раза меншая, чым абяцалі чыноўнікі.
- За час сваёй працы першы энэргаблёк БелАЭС спыняўся некалькі дзясяткаў разоў. Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі ў сваёй справаздачы адзначала, што ў 2022 годзе першы энэргаблёк БелАЭС не вырабляў электраэнэргію 54,6% часу.
- Тым часам, ад пачатку працы АЭС электрычнасьць у Беларусі падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
Свабода
