Прайшоў ператрус у доме Аляксандра Мілінкевіча ў Берштах, што ў Шчучынскім раёне.

Паводле інфармацыі Белсату, цяпер дзверы ў доме палітыка апламбаваныя. Пра прычыну ператрусу, ці пра тое, што на яго пачатая крымінальная справа, Мілінкевіч не ведае.

Сам палітык знаходзіцца зараз за мяжой.

Аляксандр Мілінкевіч у фэйсбуку так пракаментаваў сітуацыю:

Прайшоў ператрус у нашым доме на радзіме продкаў у Берштах, што ў Гродзенскай пушчы, сёння гэта на мяжы з Літвою. Уваходы ў хату апячатаны.

History repeats itself. Тым больш сёняшняя нэаімперская.

Акурат 160 год таму губернатар Мараўёў-вешацель высяляў за ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага майго прапрадзеда Юрыя і прадзеда Казіміра Мілінкевічаў разам з усімі жыхарамі засценка Зубрава, што служылі стральцамі і асочнікамі пад Берштамі. Маёмасць аднавяскоўцаў канфіскоўвалі, дамы і зямлю карнікі аддавалі рускім перасяленцам, або палілі.

Старэйшая сястра майго дзядулі бабуля Крысціна Ханевіч, якая нарадзілася ў 1864 годзе і пражыла амаль 100 гадоў, калі ў яе пыталіся – а што ж за паўстанне тады было, за што змагаліся беларусы, з годнасцю гаварыла – Яны хацелі справядлівасці і каб жыць па-прóўдзе.