
Раённы цэнтр Шчучын 19 снежня наведаў высокапастаўлены начальнік галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Андрэй Мацюшэнка. Пра яго візіт і прыём з непрыхаваным захапленнем расказала раённая газета “Дзянніца”. Пры тым яе аповяд можна ўключаць у падручнікі па матэматыцы з падвышана цяжкімі задачамі. Мяркуйце самы:
“В течение часа к нему по телефону обратились семь человек. Внимательно, не считаясь с «исчерпанным регламентом» (приём планировался до 13.00, а по факту закончился после 14 часов), Андрей Юрьевич выслушал пришедших к нему людей, вникая в проблемы каждого, подсказывая алгоритм действий, исходя из буквы закона и профессионального опыта”.
Узнікае натуральнае пытанне: калі цягам гадзіны праз тэлефон да яго звярнулася 7 чалавек, то чаму прыём планаваўся да 13.00, а скончыўся пасля 14-й. Дык колькі ж тады ўсяго планавалася пачаткова выдзеліць для людзей часу – пару хвілін?! Магчыма прапагандысты недакладна расшыфравалі агульны час, бо мяркуючы па фотаздымках і тэксце, акрамя тэлефанаванняў быў і нейкі асабісты прыём.
Выявілася, што па-сутнасці галоўнай і адзінай праблемай шчучынцаў ёсць дарогі (усё паводле літаратурнага класіка, толькі пра другую частку яго выслоўя не сказана). Было яшчэ пару нараканняў на махляроў, якія ашукалі людзей. Мацюшэнка запэўніў, што ўсё будзе вырашана. Напрыканцы сталічны чыноўнік бадзёра падсумаваў:
“Но мы живём в правовом государстве, и в определённых ситуациях точки над “і” поможет расставить суд. Уверен, что закон восторжествует. А мне хочется пожелать жителям района процветания, побыстрее справиться с возникшими проблемами и с хорошим настроением встретить грядущие праздники”.

