Сваякі гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына перадалі праваабаронцам копію з ліста палітвязня, у якім ён паведамляе пра змены ў правілах дасылання і атрымання карэспандэнцыі за кратамі.

З ліста вынікае, што вязням цяпер забаронена дасылаць у капэртах аркушы паперы з надрукаваным на іх тэкстам, асадкі і стрыжні для пісання і налепкі. Але захоўваецца магчымасць дасылаць у лістах фотаздымкі, чыстую паперу, чыстыя капэрты, паштоўкі і маркі.

Праваабаронцы маюць інфармацыю пра тое, што падобныя правілы існуюць не толькі ў турме №8 г. Жодзіна, дзе зараз знаходзіцца Івашын, але і ў папраўчых калоніях, у прыватнасці №2 і 3.

Верагодна, падобная практыка існуе ва ўсёй пенітэнцыярнай сістэме Беларусі і накіраваная на новыя абмежаванні для палітвязняў, якім, напрыклад, давядзецца выдаткоўваць на пакупку тых жа стрыжняў ці асадак грошы з уласных рахункаў.

Амаль усе палітвязні абмежаваныя ў так званай «атаварцы» некалькімі базавымі велічынямі, таму набыццё таго, што раней сваякі маглі даслаць у капэртах, скароціць і без таго невялікую суму, якую палітвязень можа выдаткаваць на набыццё неабходных прадуктаў ці рэчаў.