Яшчэ 6 снежня прамінула 1000 дзён, як гарадзенец Дзяніс Івашын патрапіў за краты. Жонка палітязьня Вольга Івашына выказалаася з гэтай нагоды наступным чынам:

«Наш Дзяніс мае досыць моцны характар і трываласць, дастаткова лёгка прыстасоўваецца да знешніх умоваў і захоўвае маральна-псіхалагічную раўнавагу. Падаецца, такое доўгае расстанне цяжэй перажываем мы на волі, чым ён за кратамі. Хаця, канешне, Дзяніс бязмежна сумуе і прагне хутчэй вярнуцца дадому, каб быць нарэшце зноўку разам са мной, з бацькамі».

Журналіст у лістах да родных сцвярджае, што адчувае сябе нармалёва ў фізічным і псіхалагічным плане, не хварэе, нейкага асаблівага ціску з боку адміністрацыі турмы №8 Жодзіна не заўважае. Аднак за мінулы месяц два лісты ад маці да журналіста не прайшлі ўнутраную цэнзуру і былі знішчаныя. Прычынай першага знішчэння назвалі нібы «цынічны» змест ліста, аднак сваякі кажуць, што там былі толькі раздрукаваныя на паперы навіны навукі і тэхнікі, у тым ліку артыкулы з дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў.

У другім выпадку Івашыну паведамілі пра змены ў правілах дасылання і атрымання карэспандэнцыі вязнямі, згодна з якімі у лістах сярод іншага забараняецца дасылаць друкаваны тэкст, што, як лічаць сваякі журналіста, і сталася прычынай знішчэння абодвух лістоў. Ці пачне гэта распаўсюджвацца на друкаваныя лісты, якія дасылаюць родныя праз сэрвісы РУП «Белпошта» і письмо.бел, невядома, але, напрыклад, карэспандэнцыя праз письмо.бел дагэтуль курсуе ў паштовай сістэме і патрапляе да адрасатаў.

На 10-я ўгодкі пачатку Рэвалюцыі Годнасці ва Украіне Дзяніс Івашын узгадаў у лісце пра свой удзел у ёй і адзначыў, што адчувае сябе шчаслівым за магчымасць быць датычным гэтай падзеі, за тое, што «зьнітаваў свой лёс» з лепшымі сынамі і дочкамі ўкраінскага народу ў адным з вызначальнейшых для Украіны і ўсяго рэгіёну чыне, які доўжыцца дагэтуль.

У адным з лістоў да маці Івашын раптам папрасіў сабе цёплыя рэчы, што здзівіла і насцярожыла яго сваякоў. Спачатку палітвязень казаў пра цёплыя боты, але потым папрасіў і вусцілкі для іх і нават шалік. Улічваючы, што на вуліцы Дзяніс бывае ўсяго каля гадзіны на дзень, родныя хвалююца, што з яго абуткам ці вопраткай нешта здарылася, таму і спатрэбілася новая.

Таксама ў адной з паштовак Івашын паведаміў, што ня можа падпісацца на беларускамоўны часопіс «Дзеяслоў». Пошукі жонкі палітвязня на сайце Белпошты пацвердзілі, што часопіса няма ў каталозе выданняў для падпіскі на 2024 год, а ў 4 квартале 2023 яго можна было выпісаць толькі ў электронным выглядзе. Калі і чаму выданне было выдалена з падпіскі, невядома.