
Тэлеграм-канал сілавікоў паведаміў, што пра беларуску Аляксандру Каско, якую 19 снежня засудзілі на 10 гадоў зняволення, цэлы год да яе затрымання збіраў інфармацыю супрацоўнік ГУБАЗіКа, якому ўдалося здабыць яе давер.
Калі верыць сілавікам, у пачатку 2022 года супрацоўнік гарадзенскага ГУБАЗіКа «з дапамогай метадаў сацыяльнай інжынерыі» здабыў давер карыстальніка з нікам Homo Liber — адміністратара нібыта «экстрэмісцкіх» рэсурсаў. Праз месяц высветлілася, што гэта Аляксандра Каско — яна нібыта сама раскрыла сваё імя.
«Затрымалі яе толькі ў лютым 2023-га, пры тым, што ўлетку 2022-га яна без перашкодаў, але пад кантролем сілавікоў, прыязджала ў Беларусь. Ну вы зразумелі, так? Цэлы год з ёй камунікаваў, кантраляваў, вывучаў кола кантактаў і атрымліваў іншую інфармацыю супрацоўнік ГУБАЗ», — гаворыцца ў допісе.
Пры гэтым тэрмін Каско нібыта мог бы быць большым, калі б яна «актыўна не супрацоўнічала з аператыўнікамі».
Аляксандру Каско затрымалі 9 лютага 2023 года, калі яна вярнулася з Польшчы. Спачатку дзяўчыне прысудзілі 10 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але на волю яна не выйшла. Ёй закідалі артыкул 361-4, «судзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Пасля дадаліся яшчэ сем артыкулаў, сярод якіх «распальванне варожасці ці варажнечы» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання».
https://nashaniva.com/332619
