
225 гадоў таму (1798 год) – У Гародні памёр Джузэпэ Сака (нар. у 1735 г. у Вероне), італійскі архітэктар, які працаваў на Віленшчыне і Гарадзеншчыне.
Джузэпэ Сака нарадзіўся ў 1735 годзе ў Вероне (Італія).
Паходзіў Джузэпэ Сака з заможнай знанай сям’і. Быў афіцэрам-кавалерыстам, вывучаў архітэктуру і фартыфікацыю ва ўніверсітэце. У Рэч Паспалітую ён быў запрошаны ў 1768 годзе і прыехаў у Варшаву. Там займаўся грабніцай каралевы Марыі Ляшчынскай і праектам перабудовы касцёлу Святога Яна. Працаваў разам з ведамым архітэктарам Якубам Фантанам. Быў добра знаёмы з каталіцкім прымасам, а пасля і з папскім нунцыем Цыярыні.
У Гародню італіец Сака быў ангажаваны рэфарматарам Антонам Тызенгаўзам. Пратэкцыю склаў, хутчэй усяго, Фантана. На нашых землях Джузэпэ называлі на мясцовы капыл – Юзаф. Італія ў той час лічылася заканадаўцам новых архітэктурных стыляў, славілася сваімі майстрамі і дойлідамі, якіх запрашалі ў розныя краіны. Сака прыехаў у Гародню ў 1773 годзе, неўзабаве заняўшы прапанаваную пасаду прыдворнага каралеўскага архітэктара. Яму быў устаноўлены аклад 600 злотых, Сака атрымаў шэраг вайсковых чыноў ВКЛ, а ў 1775 годзе – шляхецтва.
Ажаніўся архітэктар у Гародні, вянчаўся ў бернардынскім касцёле з Францішкай Манькоўскай, роднай сястрой ведамага мастака Тамаша Манькоўскага, які разам з Францішкам Смуглевічам займаўся роспісам сцен Сьвяцкага палацу.

Менавіта пад кіраўніцтвам Сака забудоўваліся гарадзенскія каралеўскія мануфактуры. Сака адначасна кіраваў будаўнічай школай у мікрараёне Гарадніца. Архітэктурнымі здабыткамі гэтага майстра сталі Аўгустоўская і Станіславаўская каралеўскія рэзідэнцыі, знакаміты палац у Сьвяцку. У Шчорсах, якімі валодалі Храптовічы, суаўтарам мясцовага палацава-паркавага комплексу быў яго суайчыннік Карла Спампані. Сака таксама разам з саксонскім архітэктарам Ёганам Мёзерам удзельнічаў у афармленні і аздобе інтэр’ераў і рэканструкцыі палацу Тызенгаўза ў Гародні, працаваў у каралеўскім палацы Новага замку, мясцовай ратушы, займаўся іх рэканструкцыяй. Даследнікі заўважаюць, што Сака прыехаў ужо пасля дрэздэнца Мёзера, таму карэктаваў і завяршаў некаторыя праекты папярэдніка.
У горадзе над Нёманам прыезджы архітэктар фактычна ўзначальваў усе асноўныя будаўнічыя працы, праславіўся і хутка быў абдораны міласцямі не толькі з боку Антона Тызенгаўза, але і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ён атрымаў акрамя шляхецтва чын маёра і нарэшце тытул галоўнага архітэктара ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. Сака ўваходзіў у “бліжняе кола караля”, быў сябрам гарадзенскай масонскай ложы, куды ўваходзілі і Панятоўскі і Тызенгаўз. Трымаўся дастаткова незалежна ад іх.

Сядзіба Станіславава
Пакінуў Джузэпэ Сака свой яскравы след у камяні і ў іншых рэгіёнах Беларусі – Паставах, Ішчалне, Берасці, Камянцы, Беніцы. Стварыў праект пабудовы ратушы ў Вільні, які, аднак, не быў рэалізаваны. У 1771-80-ых гадах выканаў шэраг заказаў мясцовых магнатаў, спраектаваўшы некалькі палацава-паркавых ансамбляў: Сьвяцкі палац магнатаў Валовічаў, Шчорсаўскую сядзібу Храптовічаў, палацы Тызенгаўза ў Паставах і Вільні.


Сядзіба ў Шчорсах
Жыў пераважна ў сваім маёнтку Дубасьня пад Беластокам. Памёр архітэктар паводле адной з версій у Вільні, паводле іншай, якая ўжо атрымала дакументальнае пацверджанне – у Гародні ў так званым доме масонаў. Датычна месца апошняга спачыну каралеўскага архітэктара няма адназначных звестак магіла дойліда не захавалася.
У 2008 годзе на беразе рэчкі Гараднічанкі, што ў самым цэнтры, быў пастаўлены, а дакладней пасаджаны на лаўку бронзавы помнік Сака аўтарства скульптара Аляксандра Анціпіна.
