Палітвязня Артура Жвірыдоўскага, які нядаўна адбыў у ПКТ некалькі месяцаў, змясцілі ў ШІЗА

Артур — жыхар Астраўца, засуджаны на 3 гады калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў). Яго звінавацілі ў тым, што ён уначы ў чэрвені 2021 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры бела-чырвона-белыя паласы. Акрамя гэтага, зняў чырвона-зялёны сцяг з будынку адной з дзяржаўных установаў раённага цэнтру.

Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя бабруйскай калоніі летам змясціла палітвязня ў ПКТ на 4 месяцы. Нядаўна Артура зноў перавялі ў атрад, але амаль адразу адправілі ў ШІЗА. Паведамляецца, што яго збіраюцца ўтрымліваць у штрафным ізалятары ажно 4 месяцы — наўпрост да заканчэння тэрміну. Прычыны спагнанняў невядомыя.

Адрас для падтрымкі: ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Артур Анатолевіч Жвірыдоўскі

Вясна