
Славуты паэт, асветнік, філамат Адам Міцкевіч нарадзіўся 24 снежня 1798 года на хутары Завоссе (верагодней усяго тэрыторыя Наваградскага раёну, але афіцыйна лічыцца месцам нараджэння Завоссе Баранавіцкага раёну). Быў ахрышчаны ў Наваградку, пазней вучыўся ў тамтэйшай дамініканскай школе.

Былы дамініканскі кляштар у Наваградку
Пасля яе сканчэння ў 1815 г. Адам Міцкевіч быў прыняты ў Віленскі ўніверсітэт. Спачатку вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце, а вясной 1816 г. перавёўся на гісторыка-філалагічны. Моладзь гэтага ўніверсітэту стварыла тайнае таварыства філаматаў, якое пачаткова ставіла культурна-асветніцкія мэты: вывучаць фальклор, народны побыт, дапамагаць сябрам па вучобе. Яго арганізатарамі былі Юзаф Яжоўскі, Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Францішак Малеўскі, Ігнат Дамейка.

У 1820 г. найбольш актыўная моладзь стварыла больш тайную арганізацыю – таварыства філарэтаў. Яго сябры выступалі супраць прыгоннага права, расейскай улады, былі гарачымі прыхільнікамі Канстытуцыі 3 мая 1791 года. У 1823 г. усе кіраўнікі і сябры гэтых таварыстваў былі арыштаваны і высланы ў аддаленыя губерні Расеі. У кастрычніку 1823 г. Адама Міцкевіча арыштавалі па справе філарэтаў. Яшчэ праз паўгода яго і іншых выслалі ў Расею. З 1824-га па 1829 гады Міцкевіч быў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве і іншых месцах. Знаходзячыся ў Расеі, паэт напісаў знакамітыя “Крымскія санеты”. Хутка выйшла ў свет паэма “Конрад Валенрод” (1828 г.). Гэтая паэма, як і паэма “Гражына” (1823 г.), напісана на сюжэты з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Шмат напісана ў літаратуры пра каханне Міцкевіча да Марылі Верашчакі, з якой ён пазнаёміўся ў Туганавічах. Па волі бацькоў Марыля Верашчака ўзяла шлюб з графам Путкамерам. У 1822 г. у Вільні выйшлі ў свет зборнікі вершаў “Паэзія” і “Балады і рамансы” Адама Міцкевіча. У Міцкевіча з сям’ёй Путкамераў усталяваліся сяброўскія адносіны. Міцкевіч падараваў першы зборнік вершаў мужу Марылі, а той запрасіў паэта ў госці. Другі зборнік вершаў паэт падарыў Марылі непасрэдна.

Марыля Верашчака
15 траўня 1829 г. Міцкевіч назаўсёды пакінуў Расею, выехаўшы ў Нямеччыну. Для яго пачаліся гады доўгіх падарожжаў і блуканняў. Калі паэт прыехаў у Берлін, то яго вельмі цёпла і сардэчна вітала літвінска-польская эміграцыя. Доктар філалагічных навук Мікола Хаўстовіч заўважаў, што мову сваіх твораў Міцкевіч называў польскай, але зрэдку – літвінскай. У Дрэздэне паэт скончыў напісанне лірыка-драматычнай паэмы “Дзяды”. Потым жыў у Парыжы. А 13 лютага 1834 г. скончыў галоўны твор свайго жыцця – паэму “Пан Тадэвуш”. У тым жа годзе паэт ажаніўся на Цэліне Шыманоўскай. У 1839 г. сям’я Міцкевічаў пераехала ў Лазану (Швайцарыя).

Іван Хруцкі. Патрэт Адама Міцкевіча, 1850-я гады
У кастрычніку 1840 г. сям’я вярнулася ў Парыж. Восенню 1855 г. Міцкевіч паехаў у Стамбул арганізоўваць польскія легіёны для змагання супраць расейскага царызму: Турцыя ў той час ваявала супраць Расеі. Але Адам Міцкевіч захварэў на халеру і памёр 26 лістапада. Праз 56 дзён пасля смерці прах паэта прывезлі ў Парыж і пахавалі на могілках Манмарансі, а ў 1890 г. яго перапахавалі ў Кракаве.

Памятная шыльда ў Парыжы
У Наваградку створаны Дом-музей Адама Міцкевіча, а ў Завоссі – музейная сядзіба. Яго імем названы вуліцы ў Наваградку, Гародні, Карэлічах, Лідзе, Ашмянах, Дзятлаве, Воранаве, Берасці, Слоніме, іншых гарадах Беларусі. Помнікі, бюсты, шыльды Міцкевічу ўсталяваны ў многіх гарадах Польшчы, Беларусі, Літвы, іншых краінаў. Імя паэта носяць адзін з астэроідаў.

Дом-музей у Наваградку

Помнік у Наваградку
