45 гадоў таму (1978) – У Лондане памёр Вінцук Адважны (сапр. Язэп Германовіч), беларускі каталіцкі сьвятар, пісьменьнік, паэт, эмігрант (Італія, Вялікабрытанія). Пахаваны на могілках Сэн-Панкрас.

Язэп Германовіч нарадзіўся ў Гальшанах 4 сакавіка 1890 года. Ён належыць да той слаўнай кагорты беларускіх святароў-адраджэнцаў, якія актыўна і самаахвярна працавалі на ніве адраджэння нацыянальнай культуры і духоўнасці. Яму ўдалося прайсці праз усе выпрабаванні, выжыць і пражыць доўгае жыццё, скончыўшы яго ў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя на эміграцыі, у Лондане.

Хата Германовічаў у Гальшанах

Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі – Станіслаў і Ганна (з дому Савіцкіх) Германовічы. У 1898-1902 гадах наведваў Гальшанскую народную школу, а наступныя чатыры гады – Ашмянскую гарадскую вучэльню. У 1913 годзе скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Летам 1913 года быў пасвечаны ў святары, тады ж пачаў душпастырскую дзейнасць, як вікарый у мясцовасці Далістова Беластоцкага павета. Пазней працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканату (Беласток, Крынкі, Мсцібава, Вялікая Лапеніца).

У 1921 годзе ўступіў у Таварыства Беларускай Школы, арганізаваў адну з беларускіх школ, у касцёле гаварыў казанні на беларускай мове. Гэта выклікала незадаволенасць найвышэйшай іерархіі. І Адважны змушаны быў пераехаць у Друю, дзе ў 1924 годзе ўступіў у ордэн марыянаў. Пачаткова выконваў абавязкі пробашча Друйскай парафіі, пазней быў магістрам навіцыяту ў Друйскім кляштары марыянаў і, акрамя таго, настаўнікам рэлігіі і лацінскай мовы ў Друйскай гімназіі.

Шырока выступаў у беларускім перыядычным друку. Празаічныя і паэтычныя творы Адважнага рэгулярна з’яўляліся на старонках перыядычнага друку. Пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. З 1932 года знаходзіўся на місіянерскай працы ў Харбіне (Маньчжурыя), дзе таксама быў дырэктарам гімназіі. У 1936 годзе вярнуўся ў Вільню, кіраваў Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938 годзе дэпартаваны разам са студэнтамі ў Цэнтральную Польшчу, адкуль неўзабаве зноў выехаў у Харбін. У 1948 годзе арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены савецкім органам бяспекі. Быў прысуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у лагерах. Знаходзіўся ў зняволенні ў Сібіры.

Пасля смерці Сталіна вызвалены. Выехаў у Польшчу, пад канец 1959 года жыў у Рыме, а неўзабаве прыбыў у лонданскі Дом Марыянаў. Браў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Рэдагаваў часопіс “Божым шляхам” (Лондан). Пра сваё знаходжанне ў лагерах напісаў успаміны “Кітай-Сібір-Масква”, якія выклікалі вялікую цікавасць, былі апублікаваныя на беларускай, італьянскай, польскай, літоўскай мовах.

Святар Чэслаў Сіповіч ужо пасля смерці свайго настаўніка Вінцука Адважнага пісаў: “Апошнімі гадамі свайго жыцця а. Язэп быў вегетарыянцам. Умеў сабе прыгатаўляць мешаніну рознай садавіны і траваў. Кожнага дня рабіў гімнастычныя цвічэнні і прагулкі. Працаваў безупынна і шмат маліўся. Часта яго можна было ўбачыць сярод ночы ў капліцы перад Святымі дарамі. Маліўся ён за ўсіх і асабліва за гаротную нашу Беларусь”.

Пахаваны на лонданскіх могілках Сэн-Панкрас. Памяць пра Вінцука Адважнага ў Беларусі не ўшанавана. У 2003 годзе з друку выйшла кніжка Язэпа Германовіча “Кітай-Сібір-Масква. Успаміны”.