2023 год быў надзвычай цяжкі для ўсёй Беларусі і для Гарадзеншчыны ў прыватнасці. Рост рэпрэсій, хлуслівасць улады, здзекі з людзей, замкнутасць межаў, міжнародная ізаляцыя Беларусі – усё гэта толькі нарастала. Развітваючыся з адыходным годам, прыпомнім тых людзей Гарадзеншчыны, якія пакінулі гэты свет на мінулым каляндарным адрэзку.

У студзені ў гарадзенскай турме памёр вязень, вядомы гарадзенскі “нефармал” Руслан “Руслапас” Карчаўлі.

22 красавіка памёр архіепіскап Арцемій (Аляксандр Кішчанка), беларускі праваслаўны іерарх, які ў 1996-2021 гадах узначальваў Гарадзенскую епархію.

У траўні памёр Іосіф Бойса, лідскі грамадскі актывіст, сябра ТБМ.

У пачатку чэрвеня  ў Лідскім РАУС раптоўна памёр 37-гадовы мясцовы паэт, удзельнік фестываляў сучаснага мастацтва Дзмітрый Сарокін.

У пачатку ліпеня ў Лідзе памёр Міхась Бурачэўскі, беларускі грамадскі актывіст, фатограф.

11 ліпеня ў Гародні ў шпіталі ў выніку катаванняў і здзекаў у турме памёр Алесь Пушкін, беларускі мастак, грамадскі дзеяч, палітвязень.

20 ліпеня з працэсу журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч «хуткая» забрала гарадзенскую актывістку Святлану Рынкевіч. Уначы яна памерла ў шпіталі.

У жніўні памёр Сяргей Зылькоў, гарадзенскі грамадскі актывіст, фундатар многіх беларускіх спраў.

8 жніўня памерла Святлана Мусіенка, прафесарка паланістыкі, ініцыятарка стварэння ў Гарадзенскім універсітэце кафедры польскай мовы і літаратуры, у якім выкладала з 1967 года.

23 верасня раптоўна памёр, змушаны выехаць у эміграцыю, 42-гадовы гарадзенскі грамадскі актывіст Дзяніс Швыркін.

2 снежня ў Лідзе памёр паэт і журналіст, кіраўнік літаб’яднання «Суквецце» Алесь Мацулевіч.

Светлая памяць…