Адзін з лідараў беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец сустракае свой чарговы, 47-ы дзень нараджэння, на жаль, у зняволенні. Гэта ўжо 10-ы дзень нараджэння ў біяграфіі, які Севярынец не можа правесці дома з блізкімі людзьмі.

У зняволенні адзін з беларускіх лідараў ужо 3 з паловай гады. Павел Севярынец быў затрыманы яшчэ 7 чэрвеня 2020 году. У траўні 2021-га яму і яшчэ шасці палітвязням у Магілёўскім абласным судзе прысудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Севярынцу прысудзілі ажно 7 гадоў калоніі строгага рэжыму.

У красавіку 2022 г. адміністрацыя “папраўчай” калоніі № 17 прызнала лідара Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі “злосным парушальнікам рэжыму”. Тады яму скарацілі дазволеную колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў. У чэрвені Севярынец паведаміў родным, што яго пазбавілі і працяглага спаткання.

21 чэрвеня 2023 году ў Шклове адбыўся суд па замене Севярынцу рэжыму ўтрымання. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітыка ў турму тэрмінам на тры гады.

10 ліпеня 2023 году стала вядома, што палітвязня перавялі з ПК № 17 у Турму № 1 Гародні.

Падтрымаць палітвязня: Турма № 1. 230023, Гродна, Кірава, 1, Павел Канстанцінавіч Севярынец