
Мытня Беларусі пачала шукаць беспілотнікі ў міжнародных паштовых адпраўленнях. Таксама праверкі на наяўнасць дронаў чакаюць тавары, якія перасылаюцца фізічным асобам і ўвозяцца ў Беларусь з тэрыторыі краін ЕАЭС.
“Мытныя органы праводзяць кантроль на прадмет выяўлення ўкладанняў, якія маюць прыкметы ўтрымання грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў, іншых тавараў, у тым ліку рэчываў і матэрыялаў, за незаконнае перамяшчэнне якіх праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Падазроныя адпраўленні і тавары да іх дастаўкі або ўручэння фізічным асобам будуць перададзеныя ў месцы правядзення кантролю ў адпаведнасці з пунктам 2 Указа Лукашэнкі нумар 297 ад 25 верасня 2023 года. Гэта той самы ўказ “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў”, які забараняе фізічным асобам захоўваць і карыстацца дронамі на тэрыторыі Беларусі.
Сёння беларусы яшчэ могуць прадаць свае беспілотнікі. А Мінабароны і Чырвоны крыж Беларусі намякалі, што дроны ім вельмі спатрэбіліся б. Вось толькі дзе гарантыя, што квадракоптар, перададзены вайскоўцам ці БКК, праз некаторы час не апынецца ў руках расейскага салдата на вайне з Украінай?
Еўрарадыё
