Галоўны будынак КГБ у Менску

Як стала вядома «Нашай Ніве», у дзяржаўныя прадпрыемствы, у тым ліку ўстановы адукацыі і аховы здароўя, прыйшлі новыя «чорныя» спісы супрацоўнікаў, падрыхтаваныя органамі “гэбэ”. Ад кіраўніцтва арганізацый патрабуецца звальняць людзей на падставе ўдзелу ў акцыях пратэсту, данатаў, каментароў і іншых формаў выказвання нязгоды з лукашэнкаўскай уладай ці салідарнасці з дэмакратычным рухам. 

Такіх рассылак было ўжо некалькі, усе яны прыводзілі да масавых звальненняў у арганізацыях, падпарадкаваных дзяржаве.

І вось напярэдадні Новага года адбылася новая рассылка ад КГБ, у якой пералічаная чарговая «партыя» тых работнікаў, якія трапілі ў поле зроку органаў.

Дакладна вядома пра такія рассылкі ў банках, установах адукацыі і аховы здароўя. Тых, хто ў спісах, звальняюць. Застацца на дзяржаўнай рабоце можна толькі ў выпадку матываванай пратэкцыі з боку кіраўніцтва, будучы, напрыклад, незаменным спецыялістам. 

Па словах тых, хто бачыў спісы, КГБ удасканаліла свой алгарытм вылічэння людзей па мабільных сотах. Раней сістэма выдавала памылкі, і ў спісы часцяком уключаліся тыя, хто жыў у раёне правядзення акцый 2020 года або быў выпадковым мінаком. 

Цяпер жа тыя абаненты, якія «трапіліся» на адной акцыі, праганяюцца праз базы абанентаў акцый у іншыя дні, што павышае дакладнасць вызначэння. 

Таксама ў спісы трапляюць людзі, якія пісалі каментары ў пратэсных чатах або ў тэлеграм-каналах.

Яшчэ адная нагода — устаноўка пераводу грошай у фонды падтрымкі пацярпелых або ў бок дэмакратычных арганізацый. У такім выпадку чалавека таксама звальняюць, але пасля выплаты па мультыплікатары (да стократнага) у бюджэт.

Ацаніць хоць бы прыкладную колькасці людзей у новай хвалі спісаў немагчыма.
https://nashaniva.com/333385