У Беларусі ў 23 раёнах “напружаная сітуацыя на рынку працы”. Адпаведны пералік у канцы 2023-га зацверджаны пастановай урада, дакумент у чацвер апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале РБ.

Найбольш у спісе прадстаўлена раёнаў Віцебскай вобласці (ажно восем!): Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Пастаўскі, Расонскі, Сенненскі, Ушацкі, Чашніцкі і Шумілінскі. На другім месцы Магілёўская вобласць (сем): Дрыбінскі, Клічаўскі, Краснапольскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Асіповіцкі і Чэрыкаўскі раёны. На трэцім сумным месцы Гомельская вобласць (чатыры): Ельскі, Нараўлянскі, Рэчыцкі і Хойніцкі раёны. У Берасцейскай вобласці “напружаная сітуацыя” у Івацэвіцкім і Маларыцкім раёнах, у Гарадзенскай і Менскай абласцях — у Дзятлаўскім і Вілейскім раёнах адпаведна. Сумнеўна аднак, што на Гарадзеншчыне толькі ў Дзятлаўскім раёне такая “напружаная” сітуацыя. Апошнія гады, пасля таго, як з Беларусі з’ехалі соткі тысяч чалавек, пераважна кваліфікаваных спецыялістаў, а многія былі звольнены па палітычных матывах, на рынку працы адчуваецца істотны брак працаўнікоў.