У Беларусі змяніліся правілы для таварыстваў уласнікаў. Цяпер выканкамы кантралююць, ці можа чалавек займаць пасаду старшыні таварыства і як аб’яднанню выдаткоўваць бюджэт на капрамонт. Новаўвядзенні зʼявіліся ў законе №330-3 ад 29 снежня «Аб змяненні законаў па пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі».

Таварыства ўласнікаў – гэта прыватная замена ЖЭСам. Аднак цяпер дзяржава бярэ пад большы кантроль абслугоўванне таварыстваў.

Паводле зменаў, адзін чалавек можа быць старшынёй толькі аднаго таварыства. Яшчэ старшыня павінен атрымаць атэстацыю. А мясцовыя чыноўнікі могуць ануляваць яе, калі кіраўнік таварыства два разы за год не выканаў патрабаванні Жыллёвага кодэксу або саміх мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Грошы за капрамонт цяпер павінны захоўвацца на спецыяльных рахунках мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Раней таварыства маглі самі трымаць іх на рахунках у банках. Цяпер выкарыстоўваць грошы на капрамонт можна толькі са згоды мясцовых уладаў.

Працоўныя дагаворы, якія былі падпісаны са старшынямі да новаўвядзенняў, застаюцца дзейнічаць на працягу іх тэрміну. Калі дагавор быў бестэрміновы, то толькі паўгода.

Таксама законам прапісаны шэраг іншых змен. Частка з іх уступае ў сілу з моманту публікацыі, іншыя – паступова да канца 2024 года.

Белсат