
Беларускі літаратар, дысідэнт, вязень ГУЛАГу Тодар Лебяда (сапраўднае прозвішча Шырокаў) нарадзіўся ў Віцебску ў сям’і рабочага і правадніцы на чыгунцы. Скончыў Віцебскую сямігадовую школу і чыгуначнае рамеснае вучылішча. У 1933 паступіў у Менскі педагагічны інстытут. У інстытуце знаёміцца і сябруе з Уладзімерам Клішэвічам, Масеем Сяднёвым, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым і іншымі аўтарамі-пачаткоўцамі. 31 кастрычніка 1936 году разам зь іншым адзінаццацьцю студэнтамі інстытуту быў беспадстаўна звінавачаны ў буржуазным нацыяналізме і арыштаваны. Засуджаны Вярхоўным судом БССР на 5 гадоў зьняволеньня. Быў накіраваны ва Ўхтпечляг (Сыбірская вобласьць).
У 1940 па хадайніцтве жонкі Б. Цыпінай быў перавезены ў Менск, «для перагляду справы», а зь Менску адпраўлены ў Ігумен, дзе знаходзіўся да пачатку вайны. У час нямецкай акупацыі жыў зь сям’ёй у Віцебску. У 1943-44 гадах – рэдактар газэты «Беларускае слова». У гэтыя гады напісаў асноўныя свае творы. У 1944 выехаў у Нямеччыну. У 1945 вярнуўся на радзіму. У траўні 1947 паўторна арыштаваны і засуджаны ваенным трыбуналам войск МУС па Менскай вобласьці на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў ў сібірскіх канцлягерах.
30 жніўня 1956 году быў вызвалены з-пад варты, а ў 1960 прыехаў у Слонім, дзе працаваў рэзчыкам паперы на картоннай фабрыцы «Альбярцін». Тут напісаў п’есу ў трох актах «У нас, на Гродзеншчыне» і некалькі аднаактовых п’есак: адна зь іх — «Людзі ва Хрысьце» — была надрукавана ў слонімскай раёнцы «Вольная праца». 1 студзеня 1962 звольніўся з працы і пераехаў у Ігумен, дзе ўладкаваўся на працу сакратар-машыністам у рэдакцыю раённай газэты «Ўперад». У канцы 1962 выехаў зь Беларусі на Разаншчыну да знаёмай жанчыны, зь якой пражыў сем гадоў. Хварэў на сэрца, перанёс два інфаркты.
Памёр у пачатку 1970 году. Пахаваны ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёну Разанскай вобласьці. Рэабілітаваны 12 ліпеня 1989 году.
Пісаў вершы, апавяданьні, драматычныя творы. У 1933-36 свае нарысы і вершы публікаваў у газэтах «Віцебскі рабочы», “Савецкая Беларусь”, «Піянер Беларусі».
У час акупацыі напісаў свае асноўныя творы, у тым ліку п’есу «Загубленае жыцьцё» — першы антыбальшавіцкі твор у беларускай драматургіі. П’еса была пастаўленая ў 1943 годзе В. Селях-Качанскім у Менскім гарадскім тэатры (паводле Масея Сяднёва, у Віцебскім драматычным тэатры). У 1952 годзе выйшла асобным выданьнем ў Канадзе.
У 1944 годзе апублікаваў свой першы паэтычны зборнік «Песьні выгнаньня», у які ўвайшлі вершы, напісаныя паэтам у сталінскіх канцлягерах.
Аўтар п’есы «У нас, на Гродзеншчыне», прысьвечанай вясковаму жыцьцю. Пісаў гумарыстычныя апавяданьні і абразкі на маральна-этычныя тэмы.
