будынак аблвыканкаму, дзе адбываюцца і паседжанні аблсавету

Мяркуючы па спісе зарэгістраваных ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за кандыдатаў у абласны савет 29-га склікання, склад Гарадзенскага абласнога савету істотна зменіцца. Сярод старых «правераных кадраў» вертыкалі – рэктарка Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, рэктар Гарадзенскага медыцынскага ўніверсітэту Ігар Жук, генеральная дырэктарка ААТ «Молочный мир» Марына Анікеева, галоўны доктар УЗ «Гарадзенскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр» Андрэй Янушка, начальнік Галоўнага фінансавага ўпраўлення Гарадзенскага абласнога выканкаму Павел Ашурык, Андрэй Скурат (за час свайго папярэдняга дэпутацтва ён «вырас» з пракурора Ваўкавыскай раённай пракуратуры да намесніка пракурора абласной пракуратуры), генеральны дырэктар Лідскага прадпрыемства «Бел-Пласт-Інтэрнэшнл» Анатоль Вялікін, дырэктарка УА «Наваградскі дзяржаўны каледж» Эльвіра Сарока, цяперашняя старшыня Гарадзенскага абласнога савету Алена Пасюта.

Некаторыя ранейшыя прадстаўнікі абласнога дэпутацкага корпусу за час сваёй кадэнцыі пайшлі на больш высокія пасады: Андрэй Садоўскі (раней дырэктар ААТ «Прынёманскі», а зараз старшыня Дзятлаўскага райвыканкаму, Юрый Аляксей (раней дырэктар камунальнага УП «Гроднааблкінавідэапракат», а зараз генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм», Віктар Лісковіч (раней намеснік старшыні аблвыканкаму, а цяпер старшыня Гарадзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў). Яны ўжо ня будуць засядаць у абласным савеце.

Усяго па вобласці па 60 акругах зарэгістраваныя 61 ініцыятыўная група па зборы подпісаў. З 61 чалавека ажно 27 прадстаўляюць партыю «Белая Русь», па адным – Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі (ЛДПБ) і Камуністычную Партыю Беларусі (КПБ). У спісе 44 мужчыны і 17 жанчын.

Сярод прэтэндэнтаў выразна пераважаюць розныя начальнікі, дырэктары ды іншыя прадстаўнікі наменклатуры. Сярод тых, хто захацеў стаць дэпутатам абласнога савету: генеральны дырэктар хакейнага клубу «Нёман» Аляксандр Крыскін, начальніца ўпраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Алена Клімовіч, намеснік старшыні ГА «Беларуская федэрацыя гандболу» Андрэй Барбашынскі, старшыня Бярозаўскага гарвыканкаму Валерый Яводзік, многія іншыя, што выявілі сваю стараннасць на дзяржаўнай службе і адданасць вярхоўнай уладзе.