
37-гадовага праграміста Аляксандра Яшкіна засудзілі на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. Такі прысуд абвесціў 4 студзеня Гарадзенскі абласны суд, паведамляюць праваабаронцы. Справу разглядаў суддзя Валерый Раманоўскі.
Падставай для суда сталі каментары гарадзенца ў інтэрнэце і данаты ў падтрымку рэпрэсаваных, якія ён рабіў у жніўні 2020 году.
Яшкіна звінавацілі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку); арт. 361-2 (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021); ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці); ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Мужчыну затрымалі ў траўні 2023 года і да суда трымалі пад вартай. 20 снежня яго запісалі ў “спіс тэрарыстаў”.
