фота ілюстрацыйнае

Экспэрымэнт па правядзеньні дыстанцыйных перадрэйсавых мэдычных аглядаў кіроўцаў правядуць у Гарауідзенскай вобласьці з 22 студзеня па 22 красавіка 2024 году.

Такое рашэньне Міністэрства аховы здароўя апублікавалі 10 студзеня на прававым інтэрнэт-партале.

Агляд кіроўцаў перад рэйсам з выкарыстаньнем праграмна-апаратнага комплексу «Агляд Плюс» будзе праводзіць мэдычны работнік, сказана ў дакумэнце. Ён жа і прыме рашэньне аб допуску.

У агляд уключаць:

  • ідэнтыфікацыю кіроўцы (на падставе пасьведчаньня асобы);
  • апытаньне яго на наяўнасьць скаргаў;
  • вымярэньне з дапамогай убудаваных прыбораў тэмпэратуры цела, пульсу і ціску, канцэнтрацыі пароў алькаголю пры выдыху ў рэжыме рэальнага часу;
  • праходжаньне тэсту на ўважлівасьць.


У комплекс інтэграваны сэрвіс, дзякуючы якому можна арганізаваць аўдыё- і відэасувязь кіроўцы з мэдычным работнікам «у рэжыме рэальнага часу». Працэс агляду павінен запісвацца на камэру.

Што такое комплекс «Агляд Плюс»?

Гэта пераносны настольны блёк масай каля 12 кг. У яго ўваходзяць алькатэстэр з тэрмомэтрам, электронны таномэтар, сэнсарны экран, вэб-камэра і друкавальная прылада. Можа быць уключаны і пульсаксімэтар. Комплекс працуе сумесна з праграмным забесьпячэньнем, якое ўстанаўліваецца на кампутары доктара.

Сыстэму «Агляд Плюс» распрацавалі ў філіі «Камэртон» адкрытага акцыянэрнага таварыства «Інтэграл» у 2021 годзе. Мяркуецца, што асноўнымі спажыўцамі сыстэмы будуць прадпрыемствы, якія займаюцца перавозкамі, каб дыягназаваць стан кіроўцаў перад зьменай альбо выездам.

svaboda.org