
Мяркуючы па спісе зарэгістраваных ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у дэпутаты Гарадзенскага гарадскога савету, улады пастанавілі істотна абнавіць «дэпутацкі корпус». Так з 31 гарадскога «дэпутата» папярэдняй кадэнцыі, толькі 6 ізноў будуць засядаць у новым савеце. Гэта дырэктар Гарадзенскага філіяла супольнага таварыства «Мабільныя ТэлеСістэмы» Дзяніс Сырамаха, прапагандыст і дырэктар КУП «Телерадиовещательный канал «Гродно Плюс»» Сяргей Мазайла, старшыня спартовай установы «Гродзенскі спартовы клуб «Нёман»» Іван Варсовіч, выконваючы абавязкі першага намесніка і галоўны інжынер ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка» Павел Язубец, начальнік аддзелу лагістыкі і продажу ААТ «Молочный мир» Пётр Паграноўскі,галоўны доктар «Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі» Аляксандр Раманчук.
Кідаецца ў вочы, што новы склад гарсавету памаладзее. Найстарэйшаму – Паграноўскаму – 58 гадоў, а самым малодшым «дэпутатам» гарсавету стане 34-гадовы першы сакратар Гарадзенскага гарадскога камітэту ГА БРСМ Арцём Макарэвіч. У новым складзе будуць выразна пераважаць мужчыны – іх ажно 24, жанчын – толькі 7. У папярэднім складзе быў амаль такі ж баланс.
Практычна усе вылучаныя ў дэпутаты – досыць высокія начальнікі і прадстаўнікі наменклатуры. Ажно 8 чалавек – гэта начальнікі ўстановаў аховы здароўя, 7 – кіраўнікі навучальных установаў, ажно 13 – начальнікі розных дзяржаўных прадпрыемстваў. У спісе вылучаецца адно імя. Гэта небезвядомы 56-гадовы Алег Бялінскі. Многія гады ён адказваў у Гародні за фармаванне выбарчых камісій рознага роўню, цяпер знаходзіцца на пасадзе кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Гародні, але вырашыў зараз перасесці ў больш спакойнае крэсла.
