
У гарадзенскай турме, дзе трымаюць вядомых палітыкаў, апынуўся фігурант справы Аўтуховіча Павал Разановіч, якога ў 2022 годзе засудзілі за «падрыхтоўку да тэрарызму».
Палітвязьня Паўла Разановіча перавялі з калёніі № 17 у Шклове ў гарадзенскую турму № 1 яшчэ ў сьнежні мінулага году. Дасьведчаная крыніца таксама паведаміла Свабодзе, што ўмовы ўтрыманьня Разановіча сталі больш жорсткімі, але скаргаў ад яго не атрымлівалі.
«Перавялі на турэмны рэжым. Але стаўленьне ў новай вязьніцы нармальнае, даходзяць лісты, ёсьць спатканьні. Ён ня скардзіцца, настрою ня траціць», — паведаміў суразмоўца.
Павал Разановіч мае юрыдычную адукацыю, да арышту ўвосень 2020 году ён працаваў у раённым аддзеле прымусовага выкананьня пакараньняў у Берасьці. Разановіча асудзілі на 19 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў падрыхтоўцы да акту тэрарызму.
На судзе абвінавачаны віны не прызнаваў і паведаміў, што супраць яго падчас сьледзтва ўжывалі фізычныя і псыхалягічныя катаваньні. З папраўчай калёніі ў крытую турму Разановіча перавялі па пастанове суду як злоснага парушальніка рэжыму ўтрыманьня.
