12 студзеня не было ніводнай спробы нелегальна перайсці беларуска-польскую мяжу. Пра гэта паведамілі польскія памежныя службы.

Па іх інфармацыі, памежнікі зафіксавалі групу людзей, якія рухаліся ўздоўж сцяны ў раёне вёскі Дубічаў Царкоўных. Аднак яны не пакінулі тэрыторыю Беларусі.

Прыток мігрантаў у Беларусь пачаўся ў 2021 годзе на хвалі міграцыйнага крызісу на межах з краінамі Еўразвязу. Мігранты планавалі праз Беларусь патрапіць у Еўразвяз, і ў еўрапейскіх краінах перакананыя, што да ўзнікнення гэтага крызісу датычныя ўлады Беларусі. Польшча, Літва і Латвія былі вымушаны ўмацоўваць свае межы, а спыненых мігрантаў пачалі разварочваць назад у Беларусь.