Пікет “Белай Русі” і БСЖ у Наваградку

15 студзеня завяршаецца працэс збору подпісаў на так званых выбарах у Палату прадстаўнікоў, абласныя, раённыя і сельскія саветы. Нягледзячы на ўвесь пафас прапагандысцкай кампаніі, публічныя пікеты па зборы подпісаў досыць рэдкія. Дзяржаўным медыям не ўдаецца паказаць эфектную карцінку, а сцверджанні пра высокую актыўнасць прадзяржаўных арганізацый застаюцца пераважна папяровымі.

Ускосны доказ малой актыўнасці публічнага збору подпісаў – тое, што раённыя газеты і іншыя дзяржаўныя інфармацыйныя органы амаль не адлюстроўваюць гэты працэс на сваіх старонках. Пра вулічныя зборы подпісаў амаль не расказвалася, што нетыпова для прапаганды.

Адзін з такіх рэдкіх пікетаў прайшоў у Наваградку, пра што расказала раённае выданне “Новае жыццё”. Зборам подпісаў там займаліся прадстаўнікі “Белай Русі”, Беларускага саюзу жанчын і БРСМ. Праўда, зборшчыкаў подпісаў камсамольскага веку на фота не відаць.