17 студзеня з ўзлеску ўздоўж мяжы Беларусі (каля пункта пропуску «Прывалка») пазбіралі і вывезлі ровары, на якіх гарадзенцы звычайна ездзяць у Літву без чэргаў. Гэта адбылося ўжо не першы раз. Пра гэта расказала autogrodno.by.

Упершыню такі выпадак адбыўся год таму – у лютым 2023-га. Да траўня ровары зноў сабраліся ўздоўж дарожных знакаў і дрэў, і іх ізноў вывезлі.

Пакідаць ровары ўздоўж мяжы зручна дальнабойнікам. Яны прыязджаюць на фуры з боку Літвы і заязджаюць у назапашвальнік перад мяжой. Там можна прастаяць больш за суткі. Калі чалавек жыве ў Гародні, то вельмі зручна пераехаць мяжу на ровары. З беларускага боку яго падбірае, прыкладам, жонка, і можна з’ездзіць дадому. Потым кіроўца вяртаецца, садзіцца ў машыну і выязджае з назапашвальніка.

Мужчына, у якога аднойчы ўжо знік ровар, расказваў, што праблема не ў кошце транспартнага сродку (ён каля 50 рублёў), а ў тым, што, не знайшоўшы свайго ровара, можна спазніцца на працу.

Мінулы раз высветлілася, што веласіпеды трэба шукаць па адрасе Новая Гожа, 8. Ёсць аднак і другі адрас — на Азёрскай шашы, у АУС Гарадзенскага райвыканкаму.

Міліцыя нібыта прапаноўвае беспраблемна забіраць уладальнікам свае ровары, але мала хто ў гэта верыць і рызыкуе звяртацца па ўказаных адрасах.