Беларускі каталіцкі святар, адзін з заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху, ганаровы канонік Пінскай капітулы, магістр тэалогіі Адам Лісоўскі нарадзіўся 18 студзеня 1884 года ў вёсцы Каранды Ашмянскага павета (цяпер Смаргонскі раён). Паходзіў з нацыянальна-свядомай беларускай каталіцкай сям’і (бацькі – Язэп і Францішка Лісоўскія). 

Адам Лісоўскі закончыў у 1903 годзе Віленскую духоўную семінарыю. Пасля вучыўся ў Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, якую закончыў у 1906 годзе са ступеню магістра багаслоўя. З часу вучобы ў акадэміі Лісоўскі быў звязаны з біскупам Стафанам Данісевічам, адным з першых рупліўцаў беларускасці ў Касцёле, і выкладчыкам грэчаскай мовы, патрыярхам беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху Браніславам Эпімах-Шыпілам. Прыязджаючы ў родную вёску на вакацыі, Адам распаўсюджваў сярод аднавяскоўцаў і ваколічных суседзяў беларускія кніжныя выданні («Смык беларускі» Мацея Бурачка і іншыя). 

Быў пасвечаны на ксяндза ў 1907 годзе. З 1907 года працаваў у Польскім таварыстве «Асвета» у Мінску – арганізацыі, якая арганізавала нелегальнае польскамоўнае і рэлігійнае каталіцкае навучанне. Пазней навучаўся ў заходніх каталіцкіх установах: у 1908-09 гадах у аўстрыяцкім Інсбруку, у 1909-10 гадах у баварскім Мюнхене.

Пасля Адам Лісоўскі служыў у розных парафіях на беларускіх землях: у Магілёве, Мінску, Гарадзішчы, Ігумене, Анопалі. З 1910 года служыў у парафіі святой Тройцы і святого Роха ў Мінску. Выконваў абавязкі адміністратара ў касцёле святых Сымона і Алены (1911 г.). У 1912-14 гадах працаваў у Маскве, выкладаў Закон Божы ў свецкіх навучальных установах. Пазней служыў пробашчам у парафіі Гарадзішча на Піншчыне (родавы маёнтак Скірмунтаў). З 1916 года – адміністратар і дэкан у Ігумене Мінскай губерні. У 1918-22 гадах працаваў пробашчам парафіі Каралішчавічы і адміністратарам у парафіі Анопаль. 

Да з’езду беларускіх святароў у Мінску ў 1917 годзе падрыхтаваў рэферат «Беларускі рух і яго пазіцыя ў жыцці Касцёла». Гэты даклад зачытаў на з’ездзе Адам Станкевіч. У 1921 годзе біскупам Зыгмунтам Лазінскім прызначаны генеральным вікарыем часткі Мінскай дыяцэзіі ў Савецкай Беларусі. У 1922 годзе Адам Лісоўскі ўзначаліў Мінскі дэканат. Выступіў супраць канфіскацыі касцёльнай маёмасці, што яму не маглі дараваць. 31 траўня 1922 года арыштаваны савецкімі ўладамі. Спярша быў засуджаны нават да смяротнага пакарання, якое пазней замянялі на 5 гадоў турмы. Сядзеў у Мінску, потым у расійскіх Маскве (у сумнавядомай Бутырскай турме) і Яраслаўлі. 28 красавіка 1924 года ў выніку абмену палітычнымі вязнямі апынуўся ў Польшчы. Служыў у Гарадзішчы каля Пінска і ў Вышках на Падляшшы.

Адам Лісоўскі актыўна выступаў за беларусізацыю каталіцкага касцёла ў Беларусі. З пачатку заснавання ксёндз Адам Лісоўскі быў сябрам Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці (пасля – БХД). Пераклаў на беларускую мову часткі Новага Запавету: Апакаліпсіс, Апостальскія дзеі, лісты Святога Паўла. Адам Лісоўскі адыграў вялікую ролю ў лёсе ксяндза Адама Станкевіча і яго беларускай нацыянальнай свядомасці.

Памёр Адам Лісоўскі ў Варшаве 9 кастрычніка 1929 года, яму было толькі 45 гадоў. Пахаваны ў Кляшчэлях на Беласточчыне па сваім жаданні побач са сваім духовым апякуном ксяндзом Адольфам Пласкавіцкім.