
Беларускіх адвакатаў, якія сумленна выконваюць сваю працу, працягваюць пазбаўляць ліцэнзій. Стала вядома, што яшчэ 21 снежня 2023 года так званая кваліфікацыйная камісія прыняла рашэнне пра спыненне ліцэнзіі Святланы Бірылавай, якая працавала ў адвакатуры Ленінскага раёну Гародні. Падстава такога пазбаўлення працоўнай ліцэнзіі як звычайна гучыць цынічна – нібыта недастатковая кваліфікацыя адвакаткі. Акрамя Бірылавай ліцэнзіі пазбавілі яшчэ трох беларускіх адвакатаў.
Святлана Бірылава бараніла ў судах многіх палітычных вязняў, у тым ліку журналістаў, сярод якіх быў і Павел Мажэйка. Напомнім, што незадоўга да карнага працэсу ранейшага адваката Мажэйкі Аляксандра Бірылава пазбавілі працоўнай ліцэнзіі. Пасля гэтага адвакатам Мажэйкі была Святлана Бірылава.
Яшчэ раней ліцэнзіі пазбавілі гарадзенскую адвакату Юлію Юргілевіч, якую пазней засудзілі яшчэ да 6 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму за нібыта спрыянне экстрэмісцкаму фармаванню.
