У Ваўкавыску на наступным тыдні будуць судзіць палітвязня за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі”

Вадзім Гусеў са Шчучына адбываў тэрмін ў папраўчай установе адкрытага тыпу паводле артыкулу 328 КК, дзе яму замянілі пакаранне з абмежавання волі на пазбаўленне волі.

У ліпені 2023 года ў Шчучыне над Вадзімам адбыўся суд паводле арт. 369 КК. Згодна з абвінавачваннем, будучы ў ПУАТ, ён напісаў “абразлівыя” каментары пра прадстаўнікоў улады, за што яго асудзілі на 1 год і 3 месяцы пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Цяпер стала вядома, што 22 студзеня ў Ваўкавыску адбудзецца чарговы суд над палітвязнем. Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Сяргейка.

Падтрымаць палітвязня: ПК № 11. 231900, Ваўкавыск, Ракасоўскага, 118, Вадзім Валер’евіч Гусеў

Вясна