Намеснік пракурора Гарадзенскай вобласці Андрэй Скурат расказаў “Гродзенскай праўдзе” пра тое, як дзяржаўныя органы змагаюцца з “экстрэмізмам”. Сілавікі розных структураў, праўда, ніяк не тлумачаць адкуль гэты масавы “экстрэмізм” узяўся ў Беларусі. Відаць таму, што дзяржаўныя структуры з 2020 года мэтна і жорстка пераследуюць грамадзян фактычна толькі за іншадумства, а тысячы крымінальных і адміністрацыйных справаў ёсць нічым іншым, як палітычным пераследам мірных апанентаў улады.

Скурат расказваў пра “экстрэмісцкія фармаванні”, а таксама паводле якіх артыкулаў крымінальнага кодэксу пераследуюць грамадзян: “это статья 130 УК РБ – разжигание расовой, национальной, религиозной либо иной социальной вражды или розни. Статья 342 УК РБ – организация и подготовка действий, грубо нарушающих общественный порядок, либо активное участие в них. Большое количество уголовных дел рассматривается по статьям 367 и 368 – клевета в отношении Президента Республики Беларусь и публичное оскорбление Президента Республики Беларусь”. 

У сваім досыць доўгім аповядзе Скурат прыгадаў крымінальную справу Мікалая Аўтуховіча, справу Аляксандры Каско (прозвішча якой ён не назваў), а таксама згадаў допіс у адной з сацсетак Руслана Кулевіча, які нібыта заклікаў да далейшай пратэставай дзейнасці на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці.

Пракурор пахваліўся, што колькасць “злачынстваў” экстрэмісцкай скіраваннасці пайшла на спад, а зараз судзяць людзей пераважна за мінулыя гады.

Варта прыгадаць, што Андрэй Скурат – “дэпутат” абласнога савету, а зараз ізноў вырашыў заняць такое крэсла. За час свайго папярэдняга дэпутацтва ён «вырас» з пракурора Ваўкавыскай раённай пракуратуры да намесніка пракурора абласной пракуратуры. А зараз пракурор выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс і рэкламуе сваю асобу, што ёсць парушэннем заканадаўства.