
З 23 студзеня абласное унітарнае інфармацыйна-рэкламнае прадпрыемства “Рэдакцыя газеты “Гродзенская праўда” узначаліла Таццяна Сяргеева. Новага галоўнага рэдактара калектыву прадставілі намеснік старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Віктар Пранюк і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму Ігар Булаўка.
Яшчэ ўвесну 2023 году на базе “Гродзенскай праўды” быў створаны рэгіянальны медыяхолдынг, у які ўвайшлі “Свіслацкая газета” і “Бераставіцкая газета”. Віктар Пранюк падкрэсліў, што «работа па развіццю створанага холдынгу будзе працягвацца».
Таццяна Сяргеева скончыла Ваўкавыскі дзяржаўны педагагічны каледж. У 2010 годзе скончыла Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Гісторыка-архівазнаўства». У 2023 годзе паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія”.
З чэрвеня 2020 года і да цяперашняга моманту чыноўніца працавала на пасадзе начальніка аддзелу па ўзаемадзеянні са сродкамі масавай інфармацыі, справах рэлігій і нацыянальнасцяў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму. Ніякага досведу журналісцкай працы Сяргеева ня мае. Але для сённяшніх дзяржаўных медый гэта і непатрэбна.
