
Сяргей Петрулевіч, які ў жніўні 2023 года паехаў у Беларусь праз так званую камісію для вяртання, зноў быў заўважаны ў Беластоку, піша выданне «Most».
Паводле звестак некалькіх крыніцаў выдання, Сяргей Петрулевіч вярнуўся, каб пабачыцца са сваякамі, і «да жанчыны». Рашэння пра тое, ці вяртацца назад у Беларусь, ён не прыняў. Пры гэтым мужчына рассмяяўся ў адказ на здагадку, што ён можа быць завербаваным агентам беларускіх спецслужбаў, і запэўніў, што не працуе на іх.
Вядома, што Сяргей Петрулевіч прыехаў у Польшчу ў 2021 годзе пасля завядзення на яго крымінальнай справы ў Беларусі. Аднак у Польшчы ў яго «не склалася», «трэба было вельмі цяжка працаваць, каб нешта зарабіць». Таму ён надумаў вярнуцца. Даведаўшыся, што на яго заведзеная крымінальная справа, спалохаўся і пастанавіў звярнуцца ў так званую камісію для вяртання.
Пасля вяртання ў Беларусь у жніўні 2023-га Петрулевіч зняўся ў прапагандысцкім фільме на ОНТ, дзе расказаў аб тым, як складана яму жылося ў Польшчы.
Вядома, што крымінальная справа ў дачыненні Петрулевіча не была спыненая. Восенню з’яўлялася інфармацыя, што мужчына быў у краіне пад падпіскаю пра нявыезд, а ягоная справа была скіраваная на дадатковы разгляд у Следчы камітэт.
