
Беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, літаратуразнавец, актывіст БХД, вязень савецкіх канцлагераў Янка Шутовіч нарадзіўся 24 студзеня 1904 года ў вёсцы Шутавічы (Смаргонскі раён). Паходзіў з сялянскай шматдзетнай сям’і. Пасля паспяховага сканчэння ў 1915 годзе народнага вучылішча ў суседняй вёсцы Сукневічы атрымаў у падарунак кнігу. Затым навучаўся ў беларускай школе пры дзіцячым прытулку, зладжаным яго дзядзькам, беларускім ксяндзом Віктарам Шутовічам у вёсцы Бадзенічы (Дзісенскі павет), дзе выкладалася французская мова. Скончыў Глыбоцкае гарадское вучылішча.
Увосень 1919 г. яго залічылі ў 4-ы клас Віленскай беларускай гімназіі. Пасля яе сканчэння ў 1924 г. паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверітэта. Браў удзел у працы Беларускага студэнцкага саюза, быў сябрам яго рэвізійнай камісіі, Беларускага навуковага таварыства, Таварыства прыяцеляў беларусаведы, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, рэдагаваў з 1928 года часопісы «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі». Таксама працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Францішка Скарыны. Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага аб’ядання.
Янка Шутовіч пачаў друкавацца ў 1927 годзе. У 1934 г. скончыў ВНУ з дыпломам магістра права. Стаў сябрам партыі хрысціянскіх дэмакратаў. У 1936 г. кіраваў агульным Школьным сакратарыятам. У 1935-39 гг. – выдавец і рэдактар часопісаў «Калоссе», «Шлях моладзі». За актыўную дзейнасць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння на пачатку 1939 года арыштаваны польскімі ўладамі. Зняволены ў лагеры Бяроза-Картузская. Вызвалены ў верасні 1939 года савецкімі войскамі. 3 восені 1939 г. займаўся асветніцкай і выдавецкай дзейнасцю, з 1940 г. выкладаў у Беларускай настаўніцкай семінарыі.
З 1940 г. працаваў у Беларускім музеі ў Вільні, з лютага 1941 г. да лістапада 1944 г. яго загадчык. Хаваў ад вывазу экспанаты ў сутарэннях касцёла Святога Міхаіла пад апекай ксяндза Адама Станкевіча. Арыштаваны НКВД 19 лістапада 1944 года. Рашэннем Асобай нарады засуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Высланы ва Унжлаг (Горкаўская вобласць (РСФСР), пасля да Пясчанлагу (Карагандзінская вобласць, Казахстан). Вызвалены з канцлагера 28 жніўня 1954 года. Да 10 красавіка 1956 г. – у высылцы ў Карагандзе і Сарані.
Пасля высылкі вярнуўся ў Вільню. З 1957 года працаваў пажарнікам у Віленскім дзяржаўным мастацкім музеі. Рэабілітаваны 25 красавіка 1958 года. Быў пазаштатным карэспандэнтам часопіса Саюза пісьменнікаў БССР «Полымя».
Друкаваўся Янка Шутовіч з 1927 года. Выступаў з артыкуламі пра Язэпа Драздовіча, Шату Руставелі, Тараса Шаўчэнку, рыхтаваў матэрыялы пра вядомых беларусаў, Беларускі музей у Вільні. У 1940 г. пад яго рэдакцыяй у Вільні выдадзена кніга «Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці». Разам з жонкай, літоўскай паэткай Онай Міцюце, займаўся перакладамі твораў літоўскіх і беларускіх пісьменнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары». Сярод неапублікаванай спадчыны застаўся вялікі нарыс пра Міхася Забэйду-Суміцкага. Знайшоў і перахоўваў дзённік Адама Станкевіча, перад смерцю зрабіў некалькі копій і раздаў розным надзейным людзям.
Памёр Янка Шутовіч 9 снежня 1973 года ў Вільні. Пахаваны на Павіленскіх могілках. Рукапісны і ўласны архіў захоўваецца ў бібліятэцы Нацыянальнай АН Беларусі.
