Стала вядома, што ў студзені знялі з пасады старшыню Гарадзенскай тэлерадыёкампаніі Мікалая Мельячэнку. Пра гэта расказаў рэсурс hrodna.life

Новы дырэктар пакуль не прызначаны. Выконваючы абавязкі – галоўны інжынер Уладзімір Жудро.

Мікалай Мельячэнка быў затрыманы за кіраванне машынай у нецвярозым стане падчас навагодніх святаў. Крыніца сцвярджае, што Мікалай правёў Новы год у ізалятары.

Мікалаю Мельячэнку 49 гадоў. Пачынаў ён сваю працоўную дзейнасць сціплым настаўнікам школы. Калі пачалася русіфікацыя Гарадзенскага тэлебачання і ўсіх беларускамоўных супрацоўнікаў звальнялі альбо не працягвалі ім кантракты, Мельячэнка прыйшоў на тэлебачанне і на пачатку рабіў навіны спорту. Калі Гарадзенскім тэлебачаннем стаў кіраваць русіфікатар Уладзімір Пярцоў (цяперашні міністр інфармацыі РБ) кар’ера Мельячэнкі імкліва пайшла ўгару. З 2008 году ён ужо узначальваў «Тэлерадыёкампанію «Гродна». Да гэтага яшчэ папрацаваў загадчыкам карпункту АТН Першага каналу.

Мельячэнка быў адным з самых адданых прапагандыстаў цяперашняй улады. Агучваў адыёзныя фільмы і тэлесюжэты. Хто зойме яго месца – пакуль невядома.