
Чарговая акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам традыцыйна прайшла 25-га дня месяца. Менавіта 25-га сакавіка 2021 года быў затрыманы гарадзенскі журналіст і дзеяч польскай нацыянальнай меншасці. У халодны вільготны вечар на заўсёднае месца салідарнасці – пад помнік Юзафу Пілсудскаму прыйшло каля 20 чалавек.
Выступоўцы гаварылі пра нялюдскія ўмовы зняволення палітычных вязняў у Беларусі, пра гістарычныя паралелі з часам студзеньскага паўстання 1863 года і 1930-ымі гадамі, калі ішлі сталінскія рэпрэсіі. Абмяркоўваліся пытанні салідарнасці і дапамогі палітвязням і іх сем’ям.
Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года па так званай “польскай справе” — разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Пачобута звінавацілі ў “распальванні варажнечы па нацыяльнай прыкмеце”. Таксама яго звінавацілі ў закліках да санкцый. Палітвязень ужо 34 месяцы за кратамі. Інфармацыі пра яго амаль ніякай не даходзіць.





