
фота prokuratura.gov.by
Лукашэнка даручыў падоўжыць да канца 2024 года працу так званай “камісіі па разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў”. Даручэнне пад грыфам “ДСК” (для службовага карыстання) Лукашэнка накіраваў у пачатку года. Пра гэта стала вядома BELPOL.
Адказным за рэалізацыю прызначаны намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук. На думку рэжыму, праца камісіі мела “станоўчы эфект”, таму мэтазгодна падоўжыць яе дзейнасці. Акрамя таго, прадстаўнікі рэжыму лічаць важнымі “чыстасардэчныя раскаянні” ў інтэрв’ю тых, хто ўжо звярнуўся ў “камісію”, а таксама іх аповеды пра нібыта “рэальнае становішча спраў” за мяжой і стаўленне да беларусаў.
У BELPOL нагадваюць, што “зварот у так званую “камісію па вяртанні” — гэта элемент прапаганды і ўвядзенне ў зман людзей”.
Нагадаем таксама пра выпадкі, калі людзі звярталіся ў “Камісію па вяртанні”, але ў выніку траплялі ў калоніі. У верасні генпракурор Беларусі Андрэй Швед казаў, што за паўгода працы ў “камісію” паступіла каля сотні зваротаў. Нагадаем, па дадзеных кіраўніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бегуна, у 2021-2022 годзе з краіны з’ехала больш за 200 тысяч чалавек. А па версіі іншага прадстаўніка МУС камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова, пакінулі Беларусь яшчэ больш грамадзян — 350 тысяч чалавек.
Еўрарадыё
