
Літва можа скараціць час працы некаторых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Пасля закрыцця двух пунктаў пропуску летась “плыні грамадзян Літвы, якія выязджаюць у Беларусь, скараціліся, але ў той жа час выраслі плыні грамадзян Беларусі, якія ўязджаюць у Літву і выязджаюць з яе”. Пра гэта паведаміў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) гэтай дзяржавы Рустам Любаеў. Паводле яго слоў, калі дадатковыя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю літоўскія ўлады не закрыюць, то “могуць абмежаваць час працы некаторых з іх”.
Летась у жніўні Літва закрыла пункты пропуску Шумскас і Твярачус (з беларускага боку — Лоша і Відзы адпаведна). Пазней літоўскае МУС прапанавала закрыць яшчэ два пункты — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).
Міністры ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі на сустрэчы ў Варшаве ўзгаднілі асноўныя крытэры, пры адпаведнасці якім будзе вырашана цалком закрыць мяжу з Беларуссю: узброены інцыдэнт або інцыдэнт на мяжы адной з краін, які ўяўляе сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы, а таксама арганізаваны масавы прарыў нелегалаў.
