
З раніцы 28 студзеня прыйшла сумная вестка пра тое, што пасля працяглай хваробы памёр беларускі грамадска-палітычны дзеяч з Ваўкавыску Мікалай Аксаміт. Яму было 69 гадоў.
Мікалай Аксаміт нарадзіўся 18 траўня 1954 года. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання ад Ваўкавыскай гарадской выбарчай акругі № 248. Быў сябрам парламенцкай апазіцыі БНФ і Камісіі Вярхоўнага Савету па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.
У красавіку 1995 года ўдзельнічаў у галадоўцы пратэсту супраць правядзення рэферэндуму, сярод пытанняў якога была змена дзяржаўнай сімволікі і наданне рускай мове статусу дзяржаўнай.
Працаваў юрыстам у ваўкавыскім праваабарончым цэнтры «Аслона». Быў пазбаўлены ўладамі ўсялякай працы. У 2004 годзе быў даверанай асобай Мікалая Аўтуховіча на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Пасля той выбарчай кампаніі два тыдні трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
Апошнія гады як мастак пісаў карціны. За сваю дзейнасць быў узнагароджаны медалём “100 год БНР”.
Светлая памяць…
