Кіраўніца Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Наталля Талкачова ездзіла ў акупаваны расейцамі Крым. Як піша “Бюро”, яна пабывала там у ліпені 2022 года — ужо пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. І гэта была не “гуманітарная місія”, а адпачынак. Талкачова ў сваім акаўнце ў Facebook падзялілася здымкамі з адпачынку і відэа з паездкі па Крымскім мосце.

Атрымліваецца, што Дзмітрый Шаўцоў не адзіны супрацоўнік Беларускага Чырвонага Крыжа, які любіць ездзіць на акупаваныя Расіяй тэрыторыі, адзначае выданне.

З-за паездкі Шаўцова на акупаваныя РФ тэрыторыі Украіны (у вопратцы з сімвалам Z) было прыпыненае сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. БЧК страціў вялікую частку свайго міжнароднага фінансавання, калі адмовіўся адхіліць ад пасады генеральнага сакратара БЧК Дзмітрыя Шаўцова ды яшчэ і пераабраў яго на новы тэрмін.