
Скончылася рэгістрацыя кандытаў у “дэпутаты” на ўсіх роўнях. Кандыдатамі ў крэслы Гарадзенскага гарадскога савету зарэгістраваныя 66 чалавек. Гэта вынікае з адпаведнага, афіцыйна апублікаванага спісу. Адзін з прэтэдэнтаў па 15-й выбарчай акрузе – лекар хуткай медыцынскай дапамогі абласной станцыі Аляксандр Доста не зарэгістраваны кандыдатам на той падставе, што ён няправільна запоўніў дэклярацыю аб сваіх даходах, не ўказаўшы ў ёй аўтамабіль маркі “фольксваген”. Па 15-й акрузе “дэпутатам” павінен стаць Аляксандр Філіповіч, што цікава, з таго ж ведамства, што і незарэгістраваны Доста. Толькі Філіповіч значна вышэй па пасадзе – ён гадоўны доктар установы аховы здароўя “Гарадскі клінічны шпіталь хуткай медыцынскай дапамогі г Гродна”.
Усяго па горадзе над Нёманам сфармавана 31 акруга. Ужо цяпер па спісе лёгка пралічваецца, хто менавіта будзе “абраны”, а хто проста грае ролю статыстаў.
У складзе дэпутацкага корпусу ранейшай кадэнцыі было 30 акругаў і адпаведна 30 “дэпутатаў”. Цікава, што з таго складу пад канец кадэнцыі загадкава зніклі ажно 3 “дэпутаты”. Адна з гэтай тройкі – гэта былая дырэктарка школы №28 Алена Аляхновіч, якая з’ехала ў ЗША.
