На “выбарах” у Гарадзенскі абласны савет нечакана “асірацела” Ашмянская выбарчая акруга №28. Па ёй асноўным кандыдатам ішоў былы знакаміты гандбаліст Андрэй Барбашынскі. Аднак ён з нейкіх прычынаў не прайшоў рэгістрацыю. Такім чынам безальтэрнатыўным прэтэдэнтам на акрузе засталася загадчыца сектарам культуры Ашмянскага райвыканкаму, член Камуністычнай Партыі Беларусі Вольга Барысенка-Рабко.

Нерэгістрацыя Барбашынскага вельмі дзіўная, паколькі ён – зацяты прыхільнік Лукашэнкі і неаднаразова выступаў у яго падтрымку, хвалячы палітычны курс Рэспублікі Беларусь. Вось як выказваўся Барбашынскі пра Лукашэнку ў красавіку 2023 году: “Он абсолютно прав. Таких президентов, личностей, глыб на сегодняшний день очень мало”. Яшчэ раней Барбашынскі, які ёсць намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі гандболу і паспяхова займаецца бізнесам, казаў, што, калі спатрэбіцца, гатовы ўзяць у рукі аўтамат і стаць плячом да пляча Лукашэнкі.  У 2020 годзе Барбашынскі быў даверанай асобай Лукашэнкі ў час так званых “прэзідэнцкіх выбараў”. Цяпер жа ён да ўсяго – член выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэта на чале з Віктарам Лукашэнкам. І вось такі нечаканы паварот падзей.