
Раённыя газеты Гарадзеншчыны атрымалі ўказанне запускаць уласныя чат-боты ў мэсэнджары Тэлеграм. Адной з першых гэтае заданне выканала смаргонская раёнка “Светлы шлях”. За ёй заняліся навінкай і іншыя рэгіянальныя рупары прапаганды.
Досыць двухсэнслоўная і нават пікантная сітуацыя ўзнікла з дзятлаўскай раённай газетай, якая мае назву “Перамога”. Цяпер “Перамога” асвойвае сучасныя платформы і прапануе чытачам з дапамогай QR-кода падключыцца да чат-бота ў тэлеграме. Яго назва прадказальна супадае з назвай мабілізацыйнага плана “Перамога”, абвешчанага беларускім дэмакратычным рухам.
Беларусаў, якія праз чат-бот зарэгістраваліся ў плане “Перамога”, улады шматразова называлі тэрарыстамі. Супраць стваральнікаў плана — былых сілавікоў з арганізацыі BYPOL пачатая і ўжо перадзеная ў суд крымінальная справа. Абвінавачаным інкрымінуюць ажно 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку здраду дзяржаве, заклікі да санкцый, дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады, арганізацыя акту тэрарызму ды іншае.
Цікава, якія новыя сітуацыі могуць пачаць узнікаць зараз з запускам новага чат-боту…
