
Стала вядома, што Суд Лідскага раёна яшчэ 24 студзеня абвесціў вырак 53-гадоваму жыхару Вялейкі Аляксандру Малікаву, якога звінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Федаровіч, абвінаваўца – пракурор Мікіта Мыслівец.
Паводле інфармацыі, апублікаванай на праўладным відэа, Аляксандр Малікаў, у снежні 2021 года пакінуў у адной з сацсетак абразлівы каментар на адрас камандзіра войсковай часткі, якая базуецца ў Лідскім раёне. Апошнія запісы абвінавачанага ў сацсетках датуюцца кастрычнікам 2023 года. Меркавана, тады яго і затрымалі.
Сваёй віны ў судзе ён не прызнаў, патлумачыў, што не меў на мэце абразіць вайскоўца.
Але суддзя Федаровіч прызнаў яго вінаватым і пакараў абмежаваннем волі з накіраваннем у “папраўчую ўстанову” адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў і штрафу на 4 000 рублёў.
