
Дзмітрый Крутой / БЕЛТА
Беларусь і Расея працуюць над аб’яднаннем спісаў “экстрэмістаў” і “экстрэмісцкіх рэсурсаў”. Пра гэта паведаміў амбасадар Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой, перадае БЕЛТА.
Па яго словах, гэтую ідэю ўжо не адзін раз абмяркоўвалі на роўні міністраў унутраных спраў Беларусі і Расеі. Крутой хоча, каб у Расеі пачыналі крымінальныя справы на беларускіх “экстрэмістаў”. Пры гэтым ён спаслаўся на меркаванне нейкіх грамадзян.
“У грамадзян выклікае здзіўленне, калі частка рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, дапусцім, у Расеі, нейкія паведамленні публікуюць у нас, ці наадварот — прызнаныя экстрэмісцкімі ў нас публікуюць паведамленні ў Расеі. І ў дачыненні да гэтых структур ці людзей, якія, дапусцім, збеглі ў Расею, не пачынаюцца крымінальныя справы ў Расейскай Федэрацыі альбо наадварот”, — паведаміў амбасадар.
Ён заявіў, што ў гэтай працы патрабуецца вялікая каардынаванасць сілавых ведамстваў, і выказаў надзею, што бліжэйшым часам усё будзе вырашана.
