Год таму, 8 лютага 2023 году, Анджэю Пачобуту быў абвешчаны прысуд: 8 гадоў пазбаўлення волі. З гэтай нагоды МЗС Польшчы выступіла з адмысловаю заяваю.

«Год таму Анджэй Пачобут, віцэ-старшыня Саюзу палякаў Беларусі, цягам паказальнага працэсу быў засуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. Міністэрства замежных справаў Польшчы рашуча выступае супраць выкарыстання польскай меншасці як закладнікаў уладаў у Менску. Мы заклікаем да вызвалення нашага суайчынніка і іншых палітычных зняволеных», – гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы ў афіцыйным акаўнце «Х».

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году ў Гарадні, яму выставілі абвінавачванне ў распальванні варожасці паводле нацыянальнай прыкметы. Пачобута засудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У чэрвені стала вядома, што яго перавялі ў наваполацкую калонію № 1, якая славіцца надзвычай жорсткімі ўмовамі ўтрымання.

У кастрычніку 2023 году стала вядома, што Анджэй Пачобут утрымліваўся ў ШІЗА і не атрымліваў неабходных лекаў.