
110 гадоў таму (1914) – У Баранавічах нарадзіўся Валянцін Таўлай, паэт, дзеяч заходнебеларускага руху.
Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. Вучыўся ў польскай школе ў Лідзе, у той перыяд ён напісаў свой першы верш — «Верабейкі» («Wrobelki», на польскай мове.
Навучаўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, у 1925 годзе выключаны за адмову запісацца палякам. У 1927-29 гадах вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, у лютым 1928 года за ўдзел у арганізацыі вучнёўскай забастоўкі выключаны, пад паліцэйскім канвоем адпраўлены да бацькоў. За падпольную камсамольскую дзейнасць арыштаваны 28.8.1929, знаходзіўся ў зняволенні ў Слонімскай і Гродзенскай турмах (1929-30).
З кастрычніка 1930 года ў БССР. У 1930-32 гадах працаваў у Рэчыцы інструктарам райкаму камсамолу, у газеце “Звязда”, вучыўся на газетным аддзяленні літфака БДУ.

У снежні 1932 накіраваны на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Член Цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ ў Варшаве, адзін з фактычных рэдактараў «Беларускай газеты» і яе дадатку «Літаратурная старонка» — легальных неафіцыйных органаў КПЗБ у Вільні. Прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. У снежні 1933 адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. Арыштаваны 4.1.1934 пры спробе пераходу польска-савецкай мяжы. Змешчаны ў турму ў Вялейцы. Засуджаны на 8 гадоў турмы; змешчаны ў Гродзенскі астрог.
У верасні 1939 года вызвалены з турмы Чырвонай Арміяй. У 1939—1941 гадах працаваў у лідскай раённай газеце «Уперад». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1941 года.
У гады Другой сусветнай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р. Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння (1942—1944), разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік» (студзень — ліпень 1944). У верасні 1943 арыштаваны СД у Лідзе, вызвалены з дапамогай беларускіх паэтаў, палітычных і ваенных дзеячаў.
З канца лета 1944 года — адказны сакратар навагрудскай раённай газеты «Звязда». У 1945—1947 гадах — старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы.
Друкавацца пачаў у 1928 годзе (газета «Сіла працы», Вільня). Як паэт-рэвалюцыянер фарміраваўся ў камуністычным падполлі (паэма «Непераможная» выдадзена на шапірографе, Вільня, 1928). У першым пасмяротным зборніку «Выбранае» (1947) змешчаны палымяныя паэтычныя цыклы астрожных вершаў («Лукішскія вершы», «Таварышу маёй вясны», «Бацьку») і паэм («Таварыш», «Песня пра сухар»). Раскрыў мужнае аблічча рэвалюцыянера 1930-х гадоў, характэрныя рысы якога — глыбокае лірычнае перажыванне і ўнутраная гатоўнасць высокага ахвяравання, асэнсаванне сутнасці пройдзеных змагарных шляхоў і барацьбы як усечалавечай праблемы разняволення свету, абнаўлення жыцця. Над паглыбленнем зместу вершаў і паэм працаваў усё творчае жьшцё, даводзячы іх да гранічнай мастацкай дасканаласці. Эстэтычны набытак В. Таўлая ўзнімаецца на ўзровень рэвалюцыйнай паэзіі свету[4].
Аўтар публіцыстычных нарысаў пра рэвалюцыйна-вызваленчую і антыфашысцкую барацьбу. Пісаў літаратурна-крытычныя (пра творчасць Я. Купалы, П. Пестрака, Я. Брыля). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Міцкевіча, І. Крылова і інш.
Памёр Валянцін Таўлай 27 красавіка 1947году. Яму было толькі 33 гады. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.
Яго імем названы вуліцы ў Гародні, ЛІдзе, Маладэчне.

У 1965 годзе ў Лідзе на доме, у якім у 1939—1941 гадах жыў Валянцін Таўлай, усталявана мемарыяльная дошка. У гонар Валянціна Таўлая на будынку рэдакцыі «Лідскай газеты» ў 2014 годзе ўрачыста адкрыта памятная дошка, зробленая па праекце мясцовага скульптара Рычарда Грушы.
