
На мінулым тыдні паважаныя мною сябры з Беларусі, якім ужо выпала пажыць некалькі гадоў у Польшчы, распавялі мне пра свае назіранні за сваімі суродзічамі, якія таксама апынуліся ў Беластоку. Вельмі цікавымі былі таксама заўважаныя імі адрозненні ў публічным вымярэнні беларусаў-эмігрантаў з пражываючымі ў нас украінскімі ваеннымі бежанцамі. Гэтая тэма напэўна знаходзіцца і пад назіраннем навукоўцаў беластоцкіх вышэйшых навучальных устаноў. Аднак думаю, што хутчэй знойдзе яна сваё адлюстраванне як у журналісцкай, так і ў літаратурнай творчасці. У апошнім нумары «Нівы» менавіта на нашых старонках з’явіўся ўжо матэрыял прысвечаны гэтай тэме. Усе назіральнікі згодна сцвярджаюць, што канца развітанняў беларусаў са сваёй Бацькаўшчынай не відаць. Пятля дыктатара Аляксандра Лукашэнкі заціскаецца штораз мацней і балюча на беларускіх шыях і пазваночніках. Ваенны саюзнік Уладзіміра Пуціна і адначасна злачынец супраць уласнага і ўкраінскага народаў паглыбляецца ў маштабным коле рэпрэсій і здзекаў. Цана ўлады і падтрымкі з боку Расіі патрабуе ахвяр і, на жаль, фізічнага і псіхічнага вынішчэння сваіх апанентаў. Прымушэнне да эміграцыі лукашэнкаўскіх непрыхільнікаў, гэта таксама адзін з тых інструментаў, якімі зараз карыстаюцца шматлікія спецслужбы дыктатуры.
Каб паказаць велічыню з’явы міграцыі беларусаў у Польшчу, пакарыстаўся я данымі польскай Установы па справах чужаземцаў, якая ў публічную прастору выклала самую свежую і даступную статыстыку на дзень 30 лістапада 2023 года. Ужо з 2019 года беларусы пасля ўкраінцаў з’яўляюцца другой, найбольшай групай мігрантаў у нашай краіне. Па стане на 30 лістапада амаль 114 тысяч грамадзян Беларусі мае ўжо важны польскі дакумент, які дае дазвол на пабыўку на тэрыторыі Польшчы. Гэта ў чатыры разы больш, чымсьці ў жніўні 2020 года. Тады такі дакумент мела 28 тысяч чалавек. Фактар пасляжнівеньскіх выбарчых рэпрэсій раскрываецца як на далоні. Галоўным зараз тыпам дазволу з’яўляецца тэрміновая пабыўка (pobyt czasowy) — звыш 66 тысяч. Адносна вялікай з’яўляецца колькасць дазволаў на пастаяннае прабыванне (pobyt stały) — гэта звыш 39 тысяч. Тут самую галоўную ролю адыгрывае факт атрымання Карты паляка, ці польскае паходжанне — у 2022 годзе выдадзена прыблізна 10 тысяч дазволаў такога кшталту. У перыяд з 9 жніўня 2020 года па 30 лістапада 2023 года за міжнароднай абаронай (udzielenie ochrony międzynarodowej) звярнуліся 9224 грамадзян Беларусі. Па стане на 2021 год беларусы складаюць самую вялікую нацыянальную групу сярод краін паходжання патэнцыйных бежанцаў. У Польшчы рэгіструецца прыкладна 68% беларускіх хадайніцтваў аб абароне, пададзеных у Еўропе (шмат хадайніцтваў прымаюць таксама Германія і Літва). Пры гэтым варта адзначыць, што сярод грамадзян Беларусі, якія звяртаюцца за рознымі тыпамі відаў на жыхарства ў Польшчы, людзі, якія шукаюць міжнароднай абароны, складаюць толькі 4%. У першую чаргу гэта аднак заяўкі на атрыманне дазволу на часовае знаходжанне (у асноўным для часовага знаходжання і працы). Тэрытарыяльнае размяшчэнне беларусаў у Польшчы безумоўна нераўнамернае. Большасць жыве ў Мазавецкім ваяводстве (41,6 тыс.) і на Падляшшы (13 тыс.). Прычым, даволі вялікая колькасць грамадзян гэтай краіны жыве яшчэ ў трох ваяводствах: Паморскім (9 тыс.), Велікапольскім (8,1 тыс.) і Малапольскім (8 тыс.). Звычайна гэта людзі ва ўзросце 18-34 гадоў. Сярод іх мужчыны (58%) пераважаюць над жанчынамі (42%).
У 2023 годзе беларусы атрымалі больш за 54 тысячы відаў на жыхарства і гэта другая па ліку краіна паходжання эмігрантаў у Польшчы (пасля выразна дамінуючай Украіны). 57% дазволаў атрымалі мужчыны, пераважна працаздольнага ўзросту (з нязначнай перавагай 18-34 гадоў). У іх выпадку матывацыяй для міграцыі (акрамя агульнай эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў Беларусі), можа быць пагроза прызыву ў войска. Варта адзначыць, што колькасць рашэнняў аб прадастаўленні відаў жыхарства на часовы тэрмін для беларусаў у 2023 годзе — (42 916 — на 30 лістапада 2023 года) ужо станоўча перавысіла колькасць рашэнняў у параўнанні з 2022 годам. Улічваючы далейшую прастату атрымання дазволу на часовае пражыванне для грамадзян Беларусі, якое ўступіла ў сілу 1 ліпеня 2023 г., павінны мы чакаць значнага росту як заявак, так і станоўчых рашэнняў.
Яўген Вапа
