Кіроўцам, якія нелегальна перавозяць пасажыраў у Беларусь і назад, у выпадку паўторнага парушэння правілаў трэба ануляваць візы. З такой прапановай выступіў кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызіснымі сітуацыямі Літвы Вілмантас Віткаўскас у эфіры LRT Radijas.

За апошнія паўгода ў Літве праверылі больш за 60 аўтобусаў, якія перавозяць пасажыраў у Беларусь. Толькі адзінкі з іх абышліся без парушэнняў. У 25 выпадках кіроўцы аўтобусаў не мелі неабходнага дазволу на паездку.

6 лютага стала вядома, што Камісія па нацыянальнай бяспецы (КНБ) Літвы прапанавала паступова скарачаць колькасць дазволаў на рэгулярныя аўтобусныя перавозкі беларускім і літоўскім кампаніям. У КНБ спаслаліся на рызыку ў сувязі з транзітнымі патокамі з Беларусі праз літоўскую тэрыторыю і дзейнасцю беларускіх спецслужбаў. Падтрымала гэтую прпанову міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

Таксама у КНБ прапанавалі зачыніць памежныя пункты Лаварышкес (Катлоўка на беларускім баку) і Райгардас (Прывалка). Каментуючы гэтую ініцыятыву лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская заклікала Вільню “не будаваць жалезную заслону”.

Цяпер паміж Літвой і Беларуссю курсуюць 58 маршрутаў.